Роўная пазіцыя жанчын у грамадстве зробіць беларускую эканоміку лепшай, бізнес больш надзейным, а сем’і трывалымі.

Фемінізм – гэта хіба адзін з самых складаных і спрэчных тэрмінаў ХХ стагоддзя. Фемінізм выступае за роўныя правы жанчын, права на працу і адукацыю. Тым не меней у Беларусі гэтае паняцце застаецца незразумелым і палітычна заангажаваным. Ды і шмат хто лічыць, што ў беларускіх жанчын і так усё добра. Але насамрэч гэта не так і шкодзіць усёй краіне. 

Эфектыўнае працаўладкаванне 

Нягледзячы на тое, што намінальна ў Беларусі не існуе дыскрымінацыі жанчын пры прыёме на працу, пытанні пра сямейнае становішча і наяўнасць дзяцей часам адыгрываюць вырашальную ролю на сумоўі. У 8 % выпадкаў працадаўцы пазначаюць жаданы пол кандыдата – прыблізна 5 % прапаноўваюць працу толькі мужчынам, а 3 % – толькі жанчынам. Некаторыя працы застраюцца забароненымі для жанчын. 

Жанчыны маюць вельмі абмежаваны выбар спецыяльнасцяў у акадэміі Міністэрства ўнутраных  справаў ці наагул не могуць навучацца ў Вайсковай акадэміі. У Беларусі існуе заканадаўча замацаваны спіс з 181 працаў, якія не пасуюць для жанчын, як гэта назваў Савет міністраў, «у мэтах паляпшэння ўмоваў працы жанчын, занятых у народнай гаспадарцы, і аховы іх здароўя». 

Такі спіс існуе з 1932-га года і неаднаразова змяняўся. Напрыклад, згодна з заканадаўствам, жанчына не можа кіраваць аўтобусам на міжгародніх маршрутах, не можа быць разніком жывёлы, не можа ўкладваць асфальт ці фасаваць касметычную прадукцыю.

Фемінізм патрэбны беларусам, каб навучыцца вызначаць прыдатнасць да працы паводле кваліфікацыі ды адукацыі, а не біялагічных прыкметаў. 

Але, калі праца выконваецца добра, то якая розніца, хто яе выконвае? 

Такі падыход паспрыяе дыверсіфікацыі працоўных месцаў і палепшыць канкурэнтаздольнасць, дзе “традыцыйна мужчынскія” працы жанчыны змогуць выконваць лепей. 

Больш магчымасцяў для ўсіх 

У Беларусі жанчыны складаюць 53,4 % ад агульнага працоўнага насельніцтва краіны, што робіць унёсак жанчын у эканоміку вельмі значным. Тым не меней па дадзеных на 2014 год заробак жанчын у Беларусі ў сярэднім складае 76.6 % ад заробку мужчын. 

Нельга сказаць, што жанчын прымушаюць працаваць у сферах з больш нізкім заробкам. Але праз традыцыйныя штампы выхавання жанчыны працуюць у больш нізкааплатных сферах як, да прыкладу, ахова здароўя і адукацыя. Акрамя меншых магчымасцяў патрапіць на кіраўнічыя ды іншыя больш высокааплатныя пасады, вялікую ролю адыгрываюць сацыяльная чаканні. Такія працы, як сацыяльны працаўнік, традыцыйна пазіцыянуюцца як “жаночыя” і асацыююцца з якасцямі больш уласцівымі жанчынам. 

Фемінізм патрэбны беларусам для таго, каб змяніць сацыяльныя чаканні. Напрыклад, у Нарвегіі мужчына выбірае паміж вайсковай павіннасцю ці працай у дзіцячым садку. Гэта паказвае, што няма “больш” ці “менш” мужчынскіх прафесіяў. Больш за тое, адэкватная кампенсацыя жанчынам за іх працу здыме з мужчынаў сацыяльны цяжар забяспечвання сям’і і дазволіць будаваць беларускія сем’і ва ўмовах роўнага партнёрства, а не фінансавай залежнасці. Пры адсутнасці такіх сацыяльных установак беларускія мужчыны змаглі б рэалізаваць сабе ў іншых сферах – у адукацыі ці сацыяльнай працы.

 

Працяг чытайце тут