Паважаныя сябры! Набліжаецца «Гадзіна Зямлі».

Беларусь у восьмы раз далучыцца да гэтай найбуйнейшай экалагічнай акцыі. У адпаведны час у многіх гарадах планеты пагасне падсветка будынкаў, пройдуць вулічныя дэманстрацыі для прыцягнення ўвагі да праблем змены клімату.

Сутнасць мерапрыемства складаецца ў тым, каб на адну гадзіну выключыць святло і непатрэбныя электрапрыборы дома або ў офісе і пастарацца беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў ператварыць у сталую звычку.

МСД-МГ запрашае ўсіх правесці гэты вечар з намі. 19 сакавіка а 17 гадзіне – субота – мы запрашаем Вас на вечарыну “Гадзіна Зямлі”, якая пройдзе па адрасу г. Мінск, вул. Захарава, 32-3.

У праграме:
- Прагляд і абмеркаванне стужкі “Гісторыя рэчаў”.
- Абмеркаванне святкавання 25 сакавіка – Дзень Волі.
- Сумесны паход на канцэрт
гурта «Касіяпея» на пляцоўцы «Корпус 8» (пр. Машэрава, 9) а 19 гадзіне.

Дарогу аплочваем, пячэнькі купляем :)

Даведка:

У 2015 годзе ў Беларусі за адну гадзіну акцыі было зэканомлена 100 000 квт*г, што адпавядае ўзроўню электраспажывання Мінскага трактарнага завода ў гадзіны максімуму беларускай энергасістэмы. 

Штогадовая акцыя «Гадзіна Зямлі» арганізавана Сусветным фондам дзікай прыроды (WWF) і праходзіць з 2007 года. Пачаўшыся як невялікая ініцыятыва, яна ператварылася ў найбуйнейшую сусветную падзею, звязаную з праблемамі змены клімату. Акцыя праходзіць па ўсім свеце і ахоплівае каля 7000 гарадоў. Выключаючы святло, мільёны людзей дэманструюць такім жэстам сваё неабыякавае стаўленне да небяспечных наступстваў змены клімату.