7-ы З’езд «Маладых Сацыял-дэмакратаў – Маладой Грамады» прайшоў 12-13 снежня. Амаль цалкам змянілася кіраўніцтва арганізацыі, былі абраныя чальцы Цэнтральнай Рады, зацверджан склад Выканаўчага камітэта. Таксама З’езд разгледзіў і прыняў некалькі важных дэкларацый.

У мерапрыемстве прымалі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласцей і горада Мінска – агулам каля 26 дэлегатаў.

Пасля рэгістрацыі было зачытанае вітальнае слова ад Намесніка Старшыні БСДП (Грамада) Ігара Маслоўскага і рабочай групы «Жанчыны БСДП», а потым дэлегаты З’езда заслухалі справаздачу мінулага складу Цэнтральнай Рады. За апошнія два гады было зроблема шмат карысных рэчаў як для самой арганізацыі, так і для яе шараговых членаў. Палепшыліся кантакты з мацярынскай Сацыял-дэмакратычнай партыяй, з’явіліся больш шчыльныя стасункі са студэнцкімі арганізацыямі – РАДА, ЗБС (Задзіночанне беларускіх студэнтаў), БОСС, Студэнцкая Рада і інш. Працягнулася супрацоўніцтва з дацкімі сацыял-дэмакратычнымі арганізацыямі, пачалася актыўная праца і сумесныя праекты з AUF (Нарвегія), YSG (Грузія), а таксама IRI (International Republic Institute, Літва), Jusos (Германія).

Апошні год «Маладая Грамада» шчыльна займалася тэмай транспарэнтнасці бюджэтаў ВНУ, быў падрыхтаваны адмысловы крэатыўны ролік, які павінен з дапамогай сацсетак прыцягнуць да праблемы ўвагу як мага шырэйшага кола моладзі.

Варта адзначыць, што арганізацыя не толькі замацавалася знутры (напрыклад, фактычна адрадзілася праца асабістага сайта), але і пачала прыцягваць, у тым ліку, праз цікавыя мерапрыемствы і семінары, неасацыяваную моладзь. Новыя клубы адкрыліся ў Рэчыцы і Гродна. 

Канешне, галоўным цвіком праграмы З’езда сталі выбары кіраўніцтва. На некаторыя пасады яны прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове, але высокі працэнт галасоў, які набралі выдвіжэнцы, безумоўна, сведчыць аб высокай падтрымцы кандыдатаў і упэўненасці ў іх лідэрскіх якасцях і працаздольнасці.

Такім чынам, Старшынёй МСД-МГ была абраная вопытная актывістка Наста, Генеральным Сакратаром – Іна, Намеснікам па адукацыі – Аляксандр (дарэчы, сталы калумніст нашага сайта), Намеснікам па сувязях з грамадскасцю – Антон.

На іншыя пасады разгарнулася гарачая барацьба. Напрыклад, шмат моцных прэтэндэнтаў было на пасаду Міжнароднага Сакратара. Кожная з кандыдатак мела свой уласны вопыт і высокія амбіцыі, але ўсе прэтэндэнткі выказалі гатоўнасць працаваць разам дзеля ўмацавання арганізацыі, нават, калі іх не выбіруць. У выніку справядлівых выбараў перамагла Вольга, якая раней займала пасаду Генсека, а ў выбарах на пасаду Старшыні Цэнтральнай рэвізійнай камісіі ўпэўнена перамог папярэдні Старшыня арганізацыі Мікола.

Ужо напрыканцы доўгага і плённага першага дня З’езду абралі Скарбніка – Аляксея, і, амаль аднагалосна, двух сябраў ЦРК – Ондру і Алеся.

На другі дзень дэлегаты аб’ядналіся ў дзве групы, якія абмеркавалі і распрацавалі дэкларацыі арганізацыі наконт акцый студэнцкага супраціву (за адмену платных пераздач у БДУ, #студэнтысупраць), бягучай сітуацыі ва Ўкраіне. Трэцяя, самая вялікая працоўная група, зрабіла накід плану МСД-МГ на будучы 2016 год.

У студэнцкай дэкларацыі нашая арганізацыя выказала падтрымку студэнцкаму руху і прыняла рашэнне дапамагаць адстойванню правоў навучэнцаў ВНУ сумесна з іншымі студэнцкімі арганізацыямі. Што датычыцца ўкраінскага пытання, то ў адпаведнай дэкларацыі была выказана падтрымка працэсу дэмакратызацыі Ўкраіны, ўвядзенню механізмаў празрыстага фармавання і размеркавання бюджэтаў усіх узроўняў, а таксама намаганням па стабілізацыі сітуацыі ва ўсходніх рэгіёнаў. Але варта адзначыць, што рэформы ідуць даволі павольна, што не можа не выклікаць занепакоенасці дэмакратычнай супольнасці Беларусі.

Напрыканцы З’езду перад дэлегатамі выступіла Старшыня БСДП (Грамада) Ірына Вештард, якая пажадала маладым сацыял-дэмакратам быць моцнымі, сумленнымі, адстойваць сацыял-дэмакратычныя каштоўнасці і быць апорай і надзеяй для сталых членаў партыі.

Зусім хутка новы склад ЦР і ЦВК пачне сваю працу. Спадзяемся, што яна будзе плённай, актыўнай і карыснай для развіцця арганізацыі і пашырэння яе ўплыва на беларускую моладзь.